У Стакгольме адбыўся велапрабег салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
11 верасня 2022
159

Шведскія беларусы праехалі 10 верасня 2022 года на веласіпедах па цэнтры Стакгольма з бел-чырвона-белымі сцягамі, прыймаючы ўдзел у міжнародным велапрабегу салідарнасці з палітвязнямі рэжыму Лукашэнкі. Швецыя ў той дзень рыхтавалася да выбараў.

Мы праехалі па стакгольмскіх вуліцах, завіталі ў выбарчы гарадок у самым цэнтры горадy, дзе актыўна праходзіла перадвыбарчая кампанія і было вельмі людна. Дарэчы, усе восем партый, прадстаўленых у рыксдагу, выказваюць беларусам падтрымку, і мы таксама не засталіся не заўважанымі шведскімі палітыкамі”, – распавядае тэлеграм-канал Sveriges Belarusier.

У Швецыі сёння, 11 верасня 2022 года, праходзяць выбары ў парламент і органы мясцовага самакіравання. На месцы ў рыксдагу прэтэнтуюць 35 партый, на перамогу ў абласныя адміністрацыі – 46, а ў муніцыпалітэты – 200, паведамляе “Рамблер“. 

Беларускія ўдзельнікі велапрабегу былі ў захапленні ад убачаннага на выбарчых участках напярэдадні галасавання. “Вельмі прыемна назіраць, як шведскае грамадства ўдзельнічае ў палітычным жыцці сваёй краіны, з якой зацікаўленасцю людзі ідуць у выбарчыя гарадкі, каб паразмаўляць з прадстаўнікамі розных партый і вызначыцца, за каго аддаць свой голас. Плюралізм, свабода выбару і  незалежных меркаванняў, магчымасць абіраць, а не быць вымушаным прымаць – тое, што мы маем сёння ў Швецыі, і чаго не мелі ўжо столькі гадоў на Радзіме”, – гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала.

Пасля велапрабегу яго ўдзельнікі завіталі ў Эстонскі Дом, дзе пагутарылі на тэму беларускай культуры з Юрасём Меляшкевічам. Размова тычылася таго, што адбываецца ў Беларусі з помнікамі архітэктуры і культурнымі праектамі цягам апошніх гадоў. 

Меляшкевіч зараз выконвае абавязкі намесніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, з’яўляецца сябрам Вялікай рады Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», піша Вікіпедыя.

Фота: тэлеграм-каналы Sveriges Belarusier і “Беларусы ў Швецыі”