У Варшаве беларусы трэці раз распачалі навучанне на спецыяльным дыпламатычным курсе
21 снежня 2022
136

Навучанне трэцяга набору дыпламатычнага курса распачалося ў Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта.

Урачыстая цырымонія адкрыцця прайшла 20 снежня 2022 года ў Калоннай зале Варшаўскага ўніверсітэта. Паводле інфармацыі Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), у трэцім наборы прымуць удзел 15 слухачоў. Раней выпускнікамі дыпкурса сталі каля 50 беларусаў.

Праграма дыпламатыі Варшаўскага ўніверсітэта – гэта праграма, накіраваная на падрыхтоўку беларускіх дыпламатаў. Навучанне праводзіцца ў супрацоўніцтве з Дыпламатычнай акадэміяй МЗС Польшчы пры ўдзеле дасведчаных лектараў і дыпламатаў. Таксама лекцыі для слухачоў праводзяць прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага пабінета Беларусі па транзіце ўлады, кіраўнік НАУ Павел Латушка і намеснік прадстаўніка кабінета па міжнародных адносінах, намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка.

Новыя кадры для Новая Беларусі – гэта наша будучыня, забеспячэнне транзітнага перыяду. Гэта тыя людзі, якія прымуць адказнасць за самы складаны перыяд у развіцці нашай дзяржавы. Вы можаце азірнуцца і паглядзець адзін на аднаго. Запомніце твары сваіх калегаў па навучанні. Праз некалькі гадоў вы будзеце міністрамі, намеснікамі міністраў, дырэктарамі дэпартаментаў ва ўрадзе і мясцовых органах улады Беларусі“, – звярнуўся да слухачоў курса Павел Латушка падчас урачыстага адкрыцця навучання. 

Нагадаем, што падчас паведамлення аб наборы на даны курс у лістападзе 2022 года, казалася, што тым 20 кандадатам, якія будуць адабраныя, прапануецца бясплатнае навучанне, накіраваная ў першую чаргу на атрыманне досведу і практычных навыкаў модульная праграма навучання,  інтэнсіўны курс польскай мовы падчас праграмы,  штомесячная стыпендыя ў памеры 2400 злотых (выплачваецца толькі падчас знаходжання ў Польшчы), магчымасць стажыроўкі ці атрымання досведу ў вядомых польскіх установах, а таксама, магчыма, у міжнародных і наднацыянальных установах.

Нагадаем, што Рада Еўропы прыпыніла супрацоўніцтва з лукашэнкаўскімі ўладамі ў сакавіку 2022 года ў сувязі з іх удзелам ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Напачатку лістапада 2022 года ў Радзе Еўропы была створана кантактная група па супрацоўніцтву з беларускім грамадствам.

У жніўні 2022 года валанцёры Офісу Святланы Ціханоўскай апублікавалі карту з пазначэннем краін, з якімі ўдалося ўстанавіць «дыпламатычныя сувязі». Паводле іх, за два гады Ціханоўская сустрэлася з лідэрамі 35 краін, з некаторымі краінамі былі дасягнуты дамоўленасці на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў. Таксама валанцёры сцвярджалі, што ў некаторых дзяржавах офіс мае сяброўскіх дэпутатаў парламентаў, а ў 10 краінах — цэлыя групы сяброў Беларусі.