У Варшаве заклікалі беларусаў захоўваць нацыянальныя каштоўнасці
13 верасня 2022
191

Група беларускіх грамадскіх актывістаў з розных краін Еўропы правялі ў польскай сталіцы міждыяспарную сустрэчу, на якой прынялі шэраг дакументаў адносна палітычнай сітуацыі ў Беларусі і вакол яе.

Паводле прэс-рэлізу, сустрэча прайшла 10-11 верасня 2022 года і на ёй прысутнічала больш за 30 чалавек. «Падчас двудзённай працы былі абмеркаваныя праблемы беларускіх дыяспараў у розных краінах, магчымыя дзеянні па ўплыве на сітуацыю ў Беларусі і праблемы аб’яднання палітычных сілаў нацыянальна-дэмакратычнага накірунку», – адзначаецца там.

Сярод прынятых дакументаў – заява да ўладаў краінаў ЕС і Украіны аб недапушчальнасці дыскрымінацыі беларусаў па прыкмеце грамадзянства і Зварот да беларускіх дыяспар с заклікам трымацца беларушчыны і супрацьстаяць асіміляцыйным тэндэнцыям.

«Свая доля адказнасьці за захаванне беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў — мовы, культуры, праўдзівай гісторыі, традыцыяў і ладу жыцця — ляжыць на кожным з нас. Калі мы ня будзем пра гэта рупіцца – знікне наша нацыя і дзяржава, знікне сама мэта змаганьня за свабоду Беларусі і яе народу», – гаворыцца ў звароце да эміграваўшых суайчыннікаў.

Актывісты заклікалі беларусаў у замежжы далучацца да працы беларускіх супольнасцяў, вывучаць беларускую мову самім і вучыць яе дзяцей, падтрымліваць курсы і школы беларускай мовы і культуры, беларускіх артыстаў, спрыяць беларускім патрыятычным арганізацыям.

«Нацыянальныя каштоўнасці, нацыянальная культура – гэта тое, што робіць нас прадстаўнікамі беларускай нацыі», – сцвярджаецца ў звароце.

На данай сустрэчы, як і на шмат якіх іншых, гучалі заклікі да яднання. Быў нават прыняты адмысловы маніфест. Яднанне дэмакратычных сіл удзельнікам сустрэчы бачыцца праз правядзенне аб’яднаўчага кангрэсу. Для яго падрыхтоўкі створана працоўная група.

Актывісты дэлегавалі свайго прадстаўніка ў кантактную групу Рады Еўропы па сувязях с Беларуссю. Ім стаў намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Фота: “Магілёў.media”