У Варшаве запалілі свечкі ў гонар беларускіх палітвязняў
5 лістапада 2022
215

У знак салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Варшаве каля пасольства Беларусі запалілі 1339 свечак.

Ідэю правесці ўвечары 4 лістапада 2022 года акцыю  “1339 свечак для 1339 чалавек” належыць польскаму аддзяленню Amnesty international. “Кожны чалавек за кратамі патрабуе нашай увагі, таму колькасць знічак плануецца суадносна колькасці палітвязняў”, – цытуе польскіх праваабаронцаў тэлеграм-канал “Акцыі беларусаў Варшавы”.

Ля амбасады сабраліся каля 70 чалавек — пераважна беларусы, паведамляе тэлеграм-канал “Позірк”. Прадстаўнікі Amnesty international зачыталі ў польскім перакладзе апошняе слова ў судзе палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай.

Затым быў наладжаны перфоманс “Крык для Беларусі”, калі ўдзельнікі акцыі разам крычалі.

Выступаўшы на акцыі праваабаронца Зміцер Салаўёў заклікаў міжнародную супольнасць зрабіць усё, каб палітвязні выйшлі на волю як мага хутчэй і каб Беларусь была свабоднай. 

Нагадаем, што па даных Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Беларусі на 3 лістапала 2022 года налічвалася 1375 палітычных зняволеных.

Фота і відэа: тэлеграм-канал “Позірк