У Варшаве запрашаюць на “Беларускую дыктоўку” на Дзень роднай мовы
7 лютага 2023
156

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, у польскай сталіцы ў анлайн- і афлайн-фармаце намечана “Беларуская дыктоўка”. Удзел у ёй пацвердзілі прадстаўнікі дыяспары з розных краін свету.

Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта разам з Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам у Варшаве запрашае да ўдзелу ў арфаграфічным конкурсе “Беларуская дыктоўка” з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы”, – гаворыцца ў абвестцы аб мерапрыемстве ў Facebook. Там жа адзначаецца, што яно адбудзецца па адрасе: Варшава, вул. Добра 55, зала 1.110. Пачатак 21 лютага 2023 года а 17:30.

Плануецца, што тэкст дыктоўкі будзе чытаць Аліна Коўшык – прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні.

Тых, хто не зможа далучыцца да нас стацыянарна, запрашаем да ўдзелу анлайн. Тэкст дыктоўкі для самастойнай праверкі будзе апублікаваны на нашай старонцы ў Facebook”, – абяцаюць арганізатары.

Удзел у дыктоўцы (у фармаце онлайн) ужо пацвердзілі дыяспары з Прагі, Лондану, ЗША і Канады, перадае “Радыё Свабода”.

Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба запоўніць заяўку па спасылцы (колькасць месцаў абмежаваная). Заяўкі можна падаць да 16 лютага 2023 года.

Нагадаем, што ў снежні 2022 года Аб’яднаны пераходны кабінет абвесціў 2023 год годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Па даных ЮНЕСКО, беларуская мова зараз знаходзіцца на першай з чатырох стадый вымірання.

Фота: абвестка аб “Беларускай дыктоўцы” ў Facebook