У ЗША памёр выбітны дзеяч дыяспары Вітаўт Кіпель
4 снежня 2022
161

Ва ўзросце 95 гадоў 3 снежня 2022 года адыйшоў у вечны спачын Вітаўт Кіпель – адна з ключавых постацяў беларускай эміграцыі, якая захоўвала беларускасць у вольным свеце ў часы існавання «жалезнай заслоны».

Вітаўт Кіпель быў вядомым грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам, аўтарам, сярод іншага, знакамітых «Беларусаў у ЗША», а разам з жонкай Зорай Кіпель адзінай на сёння «Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе». Таксама ён — ганаровы сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Вялікай рады «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і іншых. Цягам 40 гадоў ён кіраваў Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (БІНіМ), паведамляе “Наша ніва”.

Нарадзіўся Вітаўт у 1927 годзе ў сям’і Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі маці з малым сынам выехала следам за ім у Расію ў высылку (Налінск, Кіраў, Арол).

Кіпелі змаглі вярнуцца ў Мінск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе зноў сям’я была вымушаная ехаць у выгнанне, гэтым разам на Захад. Такім чынам, у Беларусі Вітаўт Кіпель пражыў толькі восем гадоў свайго жыцця.

У 1955 годзе пераехаў у ЗША. Працаваў у навукова-вытворчых кампаніях, у Балтыморскім універсітэце. У 1959-1985 гадах – у Даследчым цэнтры навукі і тэхналогій Нью-Йоркскай публічнай бібліятэкі, сабраў калекцыю беларускіх выданняў. У 1962-1963 гадах вучыўся у Ратгерскім універсітэце. Напрыканцы 1960-х выкладаў у беларускай школе ў Брукліне. У 1960-я – 1980-я гады супрацоўнічаў з “Радыё Свабода”, нагадвае Reform.by.

Дыяспара.info далучаецца да спачуванняў родным памерлага.

Фота: Facebook “Беларусы ЗША. Разам лягчэй