
Мяжа Ровенскай вобласці Ўкраіны з Беларуссю цалкам замініравана, а ў Валынскай будуюць памежны бетонны плот.
“На поўначы актыўна будуем інжынерныя і фартыфікацыйныя збудаванні. Супрацьтанкавыя ровы. Усе 229 сумесных кіламетраў з Рэспублікай Беларусь ўмацоўваюцца настолькі, каб расейскія войскі не змаглі прайсці ўглыб нашага рэгіёну. Калі ўлады Беларусі дадуць магчымасць ім пачаць наступ”, – напісаў у сваім тэлеграм-канале начальнік Ровенскай ваеннай адміністрацыі Віталь Коваль.
Паводле яго, у вобласці ўвесь памежны перыметр замініраваны. “Да таго ж поўнач Ровенскай вобласці – гэта суцэльныя лясы і балоты. Толькі вар’ят адважыцца палезці ў гэты, як мы называем, Палескі кацёл. Поўнач Ровеншчыны ператворыцца ў крывавыя балоты, калі Расія адкрые яшчэ адзін фронт з боку Беларусі”, – кажа начальнік ровенскай адміністрацыі.
Раней намеснік главы офіса прэзідэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка паведаміў, што на мяжы з Беларуссю ў Валынскай вобласці ўзведзена тры кіламетры бетоннага плоту.
“Роў, насып, жалезабетонны плот з калючым дротам – гэта інжынерныя загароды, якія будуюць на Валыні. Такім чынам ужо добраўпарадкавана каля трох кіламентраў мяжы, работы працягваюцца. Гэта яшчэ не ўсё, але падрабязнасьцяў раскрываць не будзем”, – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
У лістападзе 2022 года паведамлялася, што працы па ўзвядзенню бетоннага плоту з калючым дротам распачаліся на мяжы Ўкраіны з Беларуссю ў Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцях.
Адзначым, што ад Беларусі пад уладай Аляксандра Лукашэнкі адгарожваюцца ўсе суседзі, акрамя Расіі, з якой ён удзельнічае ў нападзе на Ўкраіну. Так, улады Латвіі маюць намер да 2024 года ўсталяваць трывалы 173-кіламетровы плот на мяжы з Беларуссю, каб стрымаць пранікненне ў Еўрасаюз нелегальных мігрантаў, якія сталі своеасаблівай жывой зброяй лукашэнкаўскага рэжыму.
Напрыканцы жніўня 2022 года стала вядома пра заканчэнне ўстаноўкі Літвой плоту на мяжы з Беларуссю агульнай працягласцю 502 кіламетры. Да таго аб завяршэнні пабудовы 5-метровага металічнага плота паведаміла Польшча.
Фота і відэа: тэлеграм-канал намесніка главы Офіса прэзідэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнкі
Матэрыялы па тэме: