Украіна пачала будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю
11 лістапада 2022
122

Працы па ўзвядзенню бетоннага плоту з калючым дротам распачаліся на мяжы Ўкраіны з Беларуссю ў Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцях.

У Валынскай вобласці ўжо пабудавана каля трох кіламетраў сцяны, і працы працягваюцца. Такія ж працы вядуцца ў Ровнскай і Жытомірскай абласцях, паведаміў 11 лістапада 2022 года ў сваім тэлеграм-канале намеснік главы Офіса прэзідэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка.

28 кастрычніка 2022 года прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што ўкраінскі бок узмацніў інжэнернае уладкаванне, абарончыя пазіцыі і мінірванне на мяжы з Беларуссю, перадае ТАСС.

Адзначым, што ад Беларусі пад уладай Аляксандра Лукашэнкі адгарожваюцца ўсе суседзі, акрамя Расіі, з якой ён удзельнічае ў нападзе на Ўкраіну. Так, улады Латвіі маюць намер да 2024 года ўсталяваць трывалы 173-кіламетровы плот на мяжы з Беларуссю, каб стрымаць пранікненне ў Еўрасаюз нелегальных мігрантаў, якія сталі своеасаблівай жывой зброяй лукашэнкаўскага рэжыму.

Напрыканцы жніўня 2022 года стала вядома пра заканчэнне ўстаноўкі Літвой плоту на мяжы з Беларуссю агульнай працягласцю 502 кіламетры. Да таго аб завяршэнні пабудовы 5-метровага металічнага плота паведаміла Польшча.

Фота: тэлеграм-канал намесніка главы Офіса прэзідэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнкі