Ва Ўкраіне патрабуюць спыніць дыскрымінацыю беларусаў з боку ўкраінскіх чыноўнікаў
10 жніўня 2022
151

Беларускія і ўкраінскія праваабарончыя і грамадскія арганізацыі звярнуліся да дзяржорганаў Украіны з нагоды дыскрымінацыі грамадзян Беларусі ў краіне пасля пачатку вайны. Падставай для звароту паслужылі факты масавых адмоваў украінскай міграцыйнай службы ў легалізацыі на тэрыторыі краіны грамадзянам Беларусі.

«12 траўня 2022 года старшыня ДМС (Дзяржаўнай міграцыйнай службы) Украіны М. М. Навуменка выступіла з афіцыйнай заявай аб тым, што міграцыйная палітыка Украіны ў дачыненні да грамадзян Беларусі пасля 24 лютага 2022 года не змянілася. Аднак практыка паказвае адваротнае», – гаворыцца ў заяве арганізацый, размешчанай на сайце незалежнай грамадскай ініцыятывы Free Belarus Center.

Яны сцвярджаюць, што Упраўленне ДМС Украіны на месцах у асноўным адмаўляюцца прымаць дакументы грамадзян Беларусі як на падаўжэнне відаў на жыхарства, так і на афармленне новых. Акрамя таго, калі від на жыхарства скончылася і не была падоўжаная (а працягнуць яе было немагчыма з-за таго, што міграцыйная служба ў першыя месяцы вайны адмаўлялася прымаць дакументы, спасылаючыся на дзеянне ваеннага становішча) грамадзяне Беларусі атрымліваюць прадпісанне пакінуць Украіну ў самыя кароткія тэрміны, а таксама на іх накладваецца, як правіла, максімальна магчымы штраф за парушэнне тэрміну знаходжання (5100 грн).

Больш таго, вядомыя выпадкі, калі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ставілі забарона на ўезд ва Ўкраіну з-за перавышэння тэрміну знаходжання. «Падобная практыка памяншае шэрагі валанцёраў, якія ўносяць істотны ўклад у перамогу Украіны, падрывае давер да дзяржаўных органаў і разлучае сям’і», – гаворыцца ў заяве.

Грамадскія актывісты адзначаюць, што аналагічная сітуацыя адбываецца і з грамадзянамі Беларусі, якія заключылі кантракт з УСУ. «На момант дзеяння кантракту легальнасць іх знаходжання ва Украіне пацвярджаецца ваенным білетам. Аднак у выпадку ранення ці іншай прычыны, якая прымусіць іх завяршыць праходжанне ваеннай службы, гэтыя людзі не маюць магчымасці легалізавацца ва Украіне насуперак дзеючым палажэнням Закона Украіны “Аб іншаземцах”. Гэта ж тычыцца і членаў іх сем’яў. Складваецца сітуацыя, што нават абаронцы Ўкраіны не забяспечаны мінімальнымі прававымі гарантыямі легальнага статусу знаходжання ва Ўкраіне», – пішуць прадстаўнікі грамадскай супольнасці.

Яны звяртаюцца да ўкраінскіх Дзяржаўнай міграцыйнай службы, Міністэрства ўнутраных спраў, міністэрства юстыцыі і Міністэрства замежных спраў з заклікам да адмысловых дзеянняў, каб вырашыць даную праблему.

«Дзяржава Украіна павінна быць паслядоўнай: калі ўлада не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і ўвесь гэты час займала пазіцыю, што былы прэзідэнт Беларусі незаконна ўзурпаваў уладу, а грамадзяне Беларусі з’яўляюцца ахвярамі крывавага рэжыму, то цяпер караць іх відавочна за тое, што тэрыторыя Беларусі становіцца плацдармам для ўзброенай агрэсіі Расеі, – з’яўляецца прынамсі несправядлівым. Для многіх грамадзян Беларусі Ўкраіна стала домам, якія яны гатовыя абараняць і робяць гэта штодня», – гаворыцца ў заяве, якую падпісалі Free Belarus Center, Освітній дім прав людини в Чернігові, Українська Гельсінська спілка з прав людини, Центр Громадянських Свобод, Центр прав людини ZMINA.