Валерый Сахашчык заявіў аб гатоўнасці сумеснага плана з УСУ
2 студзеня 2023
145

Прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валерый Сахашчык абвесціў аб гатоўнасці плана з Узброенымі сіламі Ўкраіны, не раскрываючы яго дэталі.

План готов”, – напісаў увечары 1 студзеня 2023 года ў сваім тэлеграм-канале Сахашчык, аздобіўшы паведамленне агульным фотаздымкам з галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны генералам Валерыем Залужным.

Паводле “Нашай нівы”, сустрэча абодвух вайскоўцаў адбылася яшчэ ў лістападзе 2022 года ў Кіеве, але Сахашчык не стаў пра яе паведамляць.

Ніякіх іншых падрабязнасцяў аб гэтай сустрэчы і дамоўленасцях пакуль не паступала.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2022 года Полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе УСУ, заявіў аб адсутнасці поўнага даверу да тых прадстаўнікоў Кабінету Ціханоўскай, якія адказваюць за вайсковы кірунак. Каліноўцам не падабалася расійскае грамадзянства Сахашчыка. Гэта пры тым, што 22 верасня 2022 года ён накіраваў па пошце ў расійскае пасольства ў Польшчы дакументы з адмовай ад грамадзянства Расіі.

Тады ж у верасні 2022 года кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк рэзка выказаўся супраць крытыкі Валерыя Сахашчыка за наяўнасць у яго расійскага пашпарта. На думку Пазняка, такая крытыка накіравана на тое, каб стварыць уражанне, што Сахашчык не парваў з рашысцка-лукашысцкай сістэмай і што давяраць яму нельга.

Фота: тэлеграм-канал Валерыя Сахашчыка