Варшаўскія беларусы сказалі “Не!” дыктатарам Лукашэнку і Пуціну
25 снежня 2022
99

Беларусы Варшавы на традыцыйнай нядзельнай акцыі 25 снежня 2022 года падвялі вынікі свайго гадавога грамадскага змагання за лепшы лёс роднай краіны.

Мінуў яшчэ адзін год нашага змагання за свабоду і лепшы лёс нашай бацькаўшчыны. Яшчэ адзін год штотыднёва мы выходзілі ў цэнтр Варшавы каб сказаць “НЕ” крывавым дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі і Пуціна”, – паведамляе тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”.

Удзельнікі акцыі адзначалі, што за гэты год яны годна неслі беларускія сцягі на плячах і размаўлялі з польскім грамадствам нашымі плакатамі. “Увесь год мы былі голасам беларусаў!” – сцвярджаюць яны.

Паводле мітынгоўцаў, дыктатура ў Беларусі будзе знішчана толькі ў выніку маленькіх, але настойлівых крокаў. “Кожная акцыя, кожны ўчынак салідарнасці, кожная валанцёрская дапамога, кожны ліст палітвязню, кожны рэпост ў сацсетках, кожны крок дапамогі ваярам ва Ўкраіне набліжае нас да перамогі”, – упэўнены яны.

Мерапрыемства прайшло каля помніка Мікалаю Каперніку, паведамляе тэлеграм-канал “Акцыі беларусаў Варшавы“.

Нагадаем, што 18 снежня 2022 года варшаўскія беларусы выйшлі на мітынг пратэста супраць усялякіх пагадненняў Аляксандра Лукашэнкі з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, прыгадаўшы, што ў Мінску няма легітымнай улады.

Адзначым, што варшаўскія беларусы штотыдзень выходзяць на нядзельныя акцыі, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі ў Беларусі.

Фота: тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”