Яшчэ 12 чалавек дадалося да прызнаных палітвязнямі ў Беларусі
13 студзеня 2023
170

Беларускія праваабаронцы прызналі яшчэ 12 чалавек палітычнымі зняволенымі. Агульная кольскаць палітвязняў на 13 студзеня 2023 года складае 1445.

Да лічбы палітзняволеных праваабаронцамі даданы Дзяніс Пучак, Яўген Верхаводкін, Ілона Белавус, Людміла Бажок, Яўген Фіцаў, Аляксандр Рыбчык, Наталля Юркевіч, Сяргей Кудрыцкі, Людміла Чарніга, Глеб Юр’еў, Андрэй Краснік і Дзяніс Пішчала.

Пучак, Верхаводкін, Белавус, Бажок, Фіцаў, Рыбчык, Юркевіч, Пішчала абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Кудрыцкі і Чарніга – па ч.1 арт. 342 і ч.1 арт. 328 КК (за захоўванне нязначнай колькасці марыхуаны для асабістага ўжывання, што звычайна не цягне пазбаўлення волі).

Юр’еў – па ч. 1 арт. 342 і арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару ў дачыненні Беларусі за парушэнне правоў чалавека).

Краснік – па ч. 1 арт. 342, арт. 368 (за “абразу” А.Лукашэнкі), арт.366 КК (за выказванні ў сетцы інтэрнэт).

Правабаронцы нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яна не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя”, – гаворыцца ў заяве, падпісанай Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, Беларускім домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, “Прававой ініцыятывай”, Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Lawtrend, Беларускім ПЭН, Human Constanta, Офісам па правах людзей з інваліднасцю.

Гэтыя арганізацыі патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Нагадаем, што беларускім праваабаронцам ў 2022 годзе стала вядома пра 1242 чалавек, якія былі асуджаны ў Беларусі па Крымінальным кодэксе за палітычную дзейнасць.

На 29 снежня 2022 года праваабаронцы прызналі палітвязнямі 1455 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.