Яшчэ 18 беларускіх зняволеных прызнаны палітвязнямі
27 снежня 2022
124

Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі ў Беларусі яшчэ 18 чалавек, якія прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірных акцыях пратэста. Агульная колькасць палітвязняў у краіне дасягнула 1456-ці.

Алег Швайко, Мікалай Арцюхоў, Дзмітрый Буйвідовіч, Фёдар Парэцкі, Алег Давыдзенка, Наталля Давыдзенка, Анастасія Чумак, Дзмітрый Бераснеў, Сяргей Чарэшка, Максім Пучынскі, Аляксандр Цыганкоў, Андрэй Жук, Марыя Жук, Васіль Хамутоўскі, Рыгор Васількоў з’яўляюцца фігурантамі спраў, узбуджаных па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Некаторым з іх прад’яўлены абвінавачванні альбо вынесены прысуды, хтосьці заключаны пад варту, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Па тым жа артыкуле накіраваны для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі Дзмітрый Леўчук, Ілля Дубеня, Андрэй Бясько.

Праваабаронцы нагадваюць, што выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат”, – адзначае праваабарончая арганізацыя.

Праваабаронцы патрабуюць ад лукашэнкаўскіх улад неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 23 снежня 2022 года складала 1442 чалавекі. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.