Яшчэ 19 чалавек прызнаны палітзняволенымі ў Беларусі
31 кастрычніка 2022
113

Колькасць палітзняволеных у Беларусі дасягнула 1353 чалавек. Усе яны праходзяць па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Дар’я Лычкоўская, Аніта Бакуновіч, Ігар Хмара, Дзмітрый Паўловіч, Канстанцін Шышко, Аляксандр Лычаўка, Сняжана Інанец, Сяргей Старавойтаў, Антон Грынь, Міхаіл Макараў, Віктар Бойка, Дзіяна Чарнушына, Яраслаў Спірыдонаў, Віталь Кірнога, Сяргей Алейнік, Дзяніс Самкоў, Васіль Камкар, Валерыя Чарнаморцава, Ала Паўлюць прызнаны 31 кастрычніка 2022 года палітычнымі вязнямі.

Беларускія праваабаронцы нагадваюць, што выступы грамадзян, у якіх абвінавачваюць палітзняволеных, насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі”, – адзначаецца на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Праваабаронцы патрабуюць ад лукашэнкаўскіх улад неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Нагадаем, што на 19 кастрычніка 2022 года агульная лічба тых, хто адбывае пакаранне ці падазраваецца ў злачынствах з-за палітычных прычын, была 1347 чалавек.