За жнівень 2022 года праваабаронцы прызналі палітвязнямі 92 чалавекі ў Беларусі
4 верасня 2022
176

Лукашэнкаўскія улады працягваюць тэрор і палітычны пераслед жыхароў Беларусі. У зняволенні на 1 верасня 2022 года знаходзіліся 1 324 палітвязні, а за прайшоўшы месяц іх колькасць павелічылася на 92 чалавекі. Не спыняецца ціск і на грамадзянскую супольнасць.

Паводле падлікаў Праваабарончага цэнтру (ПЦ) “Вясна”, за жнівень было затрымана не менш за 387 чалавек. Таксама праваабаронцам  вядома пра 162 судовыя працэсы паводле адміністрацыйных артыкулаў і пра рашэнні суддзяў па 76 з іх.

Праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення нялюдскія ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ “Вясна” як катаванні”, – гаворыцца між іншым у паведамленні на сайце гэтай праваабарончай арганізацыі.

Практыка рэспрэсій працягваецца і ў дачыненні грамадскіх арганізацый. На канец жніўня не менш 602 некамерцыйныя арганізацыі знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, уключаючы пададзеныя іскавыя заявы аб прымусовай ліквідацыі ў суд, альбо прымусова выключаны з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. 

Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, таксама рэгулярна павялічваецца і складае на канец жніўня 363 арганізацыі. Такім чынам, Грамадскі сектар Беларусі, пачынаючы з пост выбарнага перыяду 2020 года, пазбавіўся ўжо не менш за 965 інстытуцыяналізаваных формаў некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб’яднанняў, прафесійных саюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый)”, – сцвярджае іншая праваабарончая арганізацыя Lawtrend, адзначаючы, што многія прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці працягваюць утрымлівацца ў месцах пазбаўлення волі.

Нагадаем, што 1 верасня 2022 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляў аб 1326 зняволеных у Беларусі якіх прызналі палітычнымі.