Знішчаны ў Мінску мурал “Дыджэі перамен” адрадзіўся ў Беластоку
16 верасня 2022
167

Сімвал Плошчы Перамен – мурал “Дыджэі перамен” з’явіўся на сцяне ў польскім Беластоку.

Аўтар насценнага твору мінскі дызайнер Сяргей Стальмакоў. Паводле яго, напачатку з’явілася думка пафарбаваць адну з лавачак па вуліцы Сенкевіча ў колеры нацыянальнага беларускага сцягу. “А пусты ўчастак сцяны за лавай натхніў мяне на думку ўзнавіць адзін з нашых пратэсных муралаў 2020 года. А адным з самых першых і значных малюнкаў беларускага пратэсту з’яўляецца мурал «Дыджэі перамен». Ён вельмі арганічна ўпісаўся ў адведзенай яму прасторы. Цяпер у Беластоку з’явілася месца для беларусаў, дзе можна ўспомніць пачуццё салідарнасці і яднання”, – цытуе Стальмакова інтэрнэт-выданне “Мост”.

Плошча Перамен — неафіцыйная назва двара ў Мінску на скрыжаванні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракта. Утварылася ў жніўні 2020 года, падчас пратэстаў пасля шостых прэзідэнцкіх выбараў. У той жа час на сцяне вентыляцыйнай будкі ў цэнтры двара невядомыя стварылі партрэты гукааператараў з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Кірыла Галанава і Ўладзіслава Сакалоўскага, якія незапланавана ўключылі запіс песні Віктара Цоя «Перемен!» на афіцыйным мерапрыемстве 6 жніўня 2020 года ў Кіеўскім скверы. Мурал з выявай гукааператараў, пачынаючы з сярэдзіны жніўня 2020 года, шмат разоў замалёўвалі супрацоўнікі камунальных службаў, а жыхары навакольных дамоў адмывалі або стваралі наноў.

Фота: “Мост”