ЗША рыхтуюць спецпасланніка для працы з дэмакратычным беларускім рухам
31 студзеня 2023
145

ЗША заявілі аб гатоўнасці прызначыць спецпасланніка па Беларусі, які будзе працаваць з дэмакратычным рухам.

Пра планы прызначыць спецпасланніка стала вядома 31 студзеня 2023 года падчас сустрэчы лідара беларускага пратэста Святланы Ціханоўскай з памочніцай дзяржсакратара ЗША Робін Даніген, паведамляе тэлеграм-канал беларускага палітыка.

Акрамя іншага быў абмеркаваны магчымы візіт Святланы Ціханоўскай увесну гэтага года ў Вашынгтон, супольныя дзеянні, каб не дапусціць сяброўства рэжыму ў Радзе Бяспекі ААН у якасці часовага чальца, і ўдзел дэмакратычнай Беларусі ў Генасамблеі ААН і мерапрыемствах Вялікай сямёркі.

Злучаныя Штаты маюць вялікую павагу да Святланы як да лідара дэмакратычных сіл Беларусі. Як вы ведаеце, мы маем у Вільні аддзел у пытаннях Беларусі. І гэта ўнікальная сітуацыя сярод нашых амбасадаў у свеце — каб быў адмысловы аддзел, які служыць каналам камунікацыі і ўзаемадзеяньня з дэмакратычнымі сіламі Беларусі”, – распавяла Робін Даніген “Радыё Свабода”.

Адзначым, што ў снежні 2022 года ў Асацыяцыі беларускага бізнеса за мяжой (АВВА) з’явіўся прадстаўнік ў ЗША. Ім стаў Алесь Аляхновіч, які з’яўляецца таксама прадстаўніком офіса Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах, кіраўніком яе эканамічнай каманды і кіраўніком Belarus Team даследчага цэнтра CASE, аднаго з найвядомейшых даследчых цэнтраў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (ЦУЕ).

Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай