Зянон Пазняк абвесціў аб структурызацыі руху “Вольная Беларусь” у Варшаве
5 кастрычніка 2022
293

Рух “Вольная Беларусь” правеў устаноўчы сход (Вальны Сойм), дзе стварыў кіруючы орган – Каардынуючую Ўправу.

Мерапрыемства прайшло ў Варшаве 2 кастрычніка 2022 года, але інфармацыя аб ім на сайце Беларускага нацыянальнага сакратарыята “Вольная Беларусь” з’явілася толькі 4 кастрычніка 2022 года

Паводле паведамлення, на сходзе былі абраныя кіруючыя органы, якімі з’яўляецца Каардынуючая Ўправа (выканаўчы орган, кіраўнік Віктар Каралькоў) і створаны раней Беларускі нацыянальны сакратарыят (палітычна-ідэалагічны орган).

Прысутныя, а таксама ўдзельнікі мерапрыемства па відэаканферэнц-сувязі, заслухалі палітычныя даклады палітолага Паўла Вусава і палітыка Зянона Пазьняка, прынялі рэзалюцыі аб барацьбе з акупацыйным рэжымам у Беларусі і аб падтрымцы змагарнай Украіны, аб развіцці беларускага нацыянальна-культурнага асветніцтва.

Там жа стала вядома, што напярэдадні Вальнага Сойму сябры руху “Вольная Беларусь” набылі для палка Каліноўскага мікрааўтобус “Фольксваген”, плануецца збор сродкаў на баявыя дроны для каліноўцаў.

Вольная Беларусь” мае на мэце павелічэнне колькасці сваіх суполак па ўсім свеце, дзе ёсць беларусы. “У наступных паведамленнях будуць пададзены прынятыя дакуманты і рэзалюцыі Вальнага Сойму, плюс кантактныя каардынаты руху”, – абяцаюць арганізатары сходу, заклікаючы ўсіх грамадзян, якія падзяляюць палітычныя прынцыпы «Адраджэньня», уключацца ў дзейнасць беларускага Нацыянальна-вызвольнага руху.

Згодна з паданай інфармацыяй, рух “Вольная Беларусь” складаецца з двух частак: адна (мэтрапольная) працуе падпольна ў Беларусі; другая – замежная, існуе ў вольным свеце. На сённяшні дзень ёсць суполкі ў Польшчы, Германіі, Нарвегіі, Літве, ЗША.

Сярод базавых прынцыпаў арганізацыі – дзяржаўная незалежнасць Беларусі, дзяржаўнасць беларускай мовы, вяртанне нацыянальных сімвалаў як дзяржаўных, дэмакратычнае грамадства, усведамленне імперыялістычнай Расіі ворагам Беларусі, вяртанне Канстытуцыі РБ у рэдакцыі 1994 года, парламенцкая рэспубліка і гэтак далей.

Адзначым, што лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк даволі крытычна ставіцца да створаных вакол лідара беларускага пратэста Святланы Ціханоўскай структур, як і да яе самой. У той жа час ён дае станоўчую характарыстыку вайскоўцу Валерыю Сахашчыку, які ўвайшоў 9 жніўня 2022 года ў Пераходны аб’яднаны кабінет Ціханоўскай.

Фота і відэа: сайт Беларускага нацыянальнага сакратарыята “Вольная Беларусь”