У Беларусі палітзняволенымі прызнаны яшчэ 10 чалавек
3 кастрычніка 2022
154

Правабарончая супольнасць прызнала палітычнымі вязнямі Іллю Верамеева, Марыю Санкевіч, Валянціна Музыкіна, Станіслава Пугачова, Анатоля Міхайлава, Паўла Мякіша, Сяргея Шамецьку, Яну Пінчук, Сяргея Пасюка, Іллю Трубіна. Кольскасць прызнаных палітвяўзняў цяпер складае 1334 чалавекі.

Верамееў асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 293 КК (замах на арганізацыю масавых беспарадкаў) да пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў і шэсць месяцаў за каментары ў сацыяльных сетках.

Санкевіч асуджана паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) да сямі гадоў пазбаўлення волі за публікацыі ў тэлеграм-каналах.

Музыкін асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), арт. 369 КК (абраза службовай асобы) да двух гадоў пазбаўлення волі.

Пугачоў асуджаны паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 179 КК (незаконны збор інфармацыі пра асабістае жыццё), ч. 1 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі і персанальных дадзеных) за перадачу звестак сілавікоў у тэлеграм-канал да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Міхайлаў асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 3 арт. 361-1 КК (уваходжанне ў экстрэмісцкае фармаванне), ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) да чатырох гадоў пазбаўлення волі за публікацыі ў тэлеграм-каналах і рэгістрацыю ў забароненай уладамі тэлеграм-супольнасці.

Мякіш асуджаны паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 179 КК (незаконны збор інфармацыі пра асабістае жыццё), за перадачу дадзеных сілавікоў у тэлеграм-канал да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Шамецька змешчаны пад варту па справе “Рабочага руху” паводле адвольнага абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

Пінчук змешчана пад варту згодна з абвінавачваннем у паклёпе, незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі, распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, заклікам да абмежавальных мер (санкцый), насуперак закліку Камітэта па правах чалавека ААН перададзена беларускім уладам з РФ.

Пасюк змешчаны пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы, здзейсненай групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК), апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК). Таксама яму паставілі ў віну ч. 1 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь), ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).

Трубін асуджаны да 16 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў актах тэрарызму, незаконных дзеяннях з боепрыпасамі і гаручымі рэчывамі за падпал двух парталаў сістэмы аплаты за праезд на аўтадарогах. “Кваліфікацыя ягоных дзеянняў празмерная, у іх адсутнічаюць прыкметы тэрарызму”, – адзначае Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць палітзняволеных.

Агульная колькасць прызнаных палітзняволеніымі зменшылася з-за вызвалення некаторых з іх па адбыцці пакарання ці памілавання.