Беларусы цяпер могуць атрымаць польскія гуманітарныя візы, не выязджаючы з Польшчы
30 жніўня 2022
135

Тыя грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы, могуць, не выязджаючы адтуль, атрымаць польскія гуманітарныя і рабочыя візы. Гэта вынікае з распараджэння, падпісанага 29 жніўня 2022 года міністрам замежных спраў гэтай краіны і размешчанага ў Dzienniku ustaw.

Таксама такой магчымасцю могуць скарыстацца грамадзяне Ўкраіны. Падаваць заявы на такія візы можна да 31 снежня 2022 года.

Беларусы могуць атрымаць гуманітарныя візы, на падставе якіх потым будуць мець магчымасць падаць заяву на часовы побыт тэрмінам на тры гады.

Грамадзянін Беларусі можа падаць заяву з хадайніцтвам аб выдачы нацыянальнай візы міністру замежных спраў, калі ён знаходзіцца ў Польшчы на законных падставах- з дзеючай нацыянальнай візай, выдадзенай з гуманітарнай мэтай, альбо прыбыў у Польшчу пасля 24 лютага 2022 года з Украіны, дзе да гэтага жыў легальна.

Акрамя таго, чалавек, які падаецца на гуманітарную візу, павінен падпісаць заяву аб тым, што ён не можа вярнуцца ў Беларусь для яе атрымання з-за магчымых рэпрэсій або пераследаў па меркаваннях бяспекі.

Беларусам плануецца выдаць каля 155 тысяч віз.

Падаваць дакументы трэба:
на нацыянальную візу для працы кіроўцам – у ваяводскае ўпраўленне па месцы знаходжання;
на гуманітарную візу – у фірмы-пасярэднікі, якія даставяць пакет дакументаў у МЗС. Спіс фірмаў яшчэ складаецца, але будзе даступны ў бліжэйшы час.