Лукашэнкаўскія ўлады на дзесяцігоддзе зняволілі сваіх чарговых апанентаў
5 верасня 2022
60

Ад 2,5 да 11 гадоў зняволення прысудзіў лукашэнкаўскі суд фігурантам так званай “справы змоўшчыкаў” – палітолагу і літаратуразнаўцы Аляксандру Фядуце, кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву, юрысту Юрыю Зянковічу. супрацоўніцы мінскага офісу Зянковіча Вользе Галубовіч, актывісту і дальнабойшчыку Дзянісу Краўчуку.

Нягледзячы на абсурднасць абвінавачвання ў нейкай спробе забіць Аляксандра Лукашэнку, толькі Рыгор Кастусёў адмовіўся прызнаць віну. Юрый Зянковіч увогуле пайшоў на супрацу са следствам.

У выніку ад суддзі Ўладзіміра Арэшкі Аляксандр Фядута, абвінавачаны па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), атрымаў 10 гадоў калоніі; Рыгор Кастусёў (ч. 1 арт. 357 КК) — 10 гадоў калоніі; Юрый Зянковіч (ч. 1 арт. 357 КК, ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) — 11 гадоў калоніі; Дзяніс Краўчук (ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — два з паловай гады калоніі; Вольга Галубовіч (ч. 1 арт. 342 КК) – два з паловай гады калоніі.

Пракурор Міхаіл Кавалёў патрабаваў для Фядуты, Кастусёва і Зянковіча па 12 гадоў калоніі, а Краўчуку і Галубовіч – па тры гады, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх, акрамя Зянковіча, нагадвае “Радыё Свабода“.

Раней даўжэзнымі тэрмінамі зняволення былі пакараны апазіцыянеры Сяргей Ціханоўскі (18 гадоў), Мікалай Статкевіч (14), Павел Севярынец (7), Віктар Бабарыка (14), Эдуард Пальчыс (13) і іншыя.

Фота: Еўрарадыё