Творы беларускіх мастакоў прадстаўлены на антываеннай выставе ў польскай Познані
29 верасня 2022
140

Беларускія мастакі – сябры антываеннай арт-групоўкі Antiwarcoalition.art бяруць удзел у выставе “𝐂𝐨𝐚𝐥𝐢𝐭𝐢𝐨𝐧 / Кааліцыя / 𝐊𝐨𝐚𝐥𝐢𝐜𝐣𝐚 / Кааліцыя”, якая праходзіць у Познані.

Асноўная ідэя выставы, якая адкрылася 28 верасня 2022 года, – “супрацьстаянне ваенным дзеянням у свеце і ўзмацненню патрыярхальных, аўтарытарных, імперыялістычных і нацыяналістычных ідэй праз салідарнасць і мастацтва”. “Аўтары шукаюць стратэгіі супраціву агрэсіі, практыкі салідарнасці, вывучаюць устаноўкі ангажаванасці, здзейсненых дзеянняў і думак, а таксама спадарожных ім эмоцый”, – перадае тэлеграм-канал “Будзьма разам”.

Сярод карцін творы мастакоў Лесі Пчолкі, Марыі Стаянавай, Марыны Напрушкінай, Машы Святагор, Надзі Саяпінай, Насці Тэор, Олі Сасноўскай & A.Z.H., Сяргея Шабохіна, Уладзіміра Грамовіча і іншых.

Гэта ўжо другая выстава беларускай даследчай платформы “Калектар”, што дзейнічае ў Познані, у супрацоўніцтве з прасторай Dоmіе. Першая экспазіцыя „ODKSZTAŁCENIE/ ДЭФАРМАЦЫЯ / UNLEARNING” мела месца восенню 2021 году і была прысвечана працэсам прафесійнай дэфармацыі, распавядаецца ў акаўнце сёлетняй выставы ў Facebook.

Цяперашняя экспазіцыя працуе да 11 кастрычніка 2022 года ў прасторы Dоmіе, па адрасе Święty Marcin 53A, Познань.