Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек
11 кастрычніка 2022
128

Максім Грэчкаедаў, Віктар Дзіброў, Аляксандр Патапаў, Вольга Кавалёва, Анастасія Савуляк, Сяргей Фісюк, Цімафей Шкуратовіч, Уладзімір Шурхаеў, Дзмітрый Янушкевіч, Філіп Федарэнкаў, Жанна Чарняўская 11 кастрычніка 2022 года прызнаныя беларускімі палітычнымі зняволенымі. Агульная колькасць абвешчаных палітвязнямі дасягнула 1352 чалавек.

Паводле праваабаронцаў, Максім Грэчкаедаў узяты пад варту па “справе Зельцэра”. Віктар Дзіброў узяты пад варту за “абразу” А. Лукашэнкі. Тая ж сітуацыя ў Аляксандра Патапава.

Вольга Кавалёва асуджана за “абразу” прадстаўніка ўлады і суддзі да трох гадоў пазбаўлення волі. Анастасія Савуляк асуджана за “абразу” А. Лукашэнкі да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі. Сяргей Фісюк асуджаны па “справе Зельцэра” да трох гадоў пазбаўлення волі.

Цімафей Шкуратовіч таксама асуджаны па “справе Зельцэра” да двух гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандр Шурхаеў асуджаны за “абразу” А. Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі да двух гадоў пазбаўлення волі. Дзмітрый Янушкевіч асуджаны за “знявагу” дзяржаўных сімвалаў і за “абразу” А. Лукашэнкі да аднаго году пазбаўлення волі.

Філіп Федарэнкаў асуджаны за “абразу” прадстаўніка ўлады да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Аналагічная справа і прысуд у Жанны Чарняўскай.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі”, – гаворыцца ў паведамленні Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.