Беларускія феміністкі ў Вільні запатрабавалі свабоду для ўсіх жанчын
26 лістапада 2022
149

У літоўскай сталіцы феміністкі з Беларусі выйшлі 25 лістапада 2022 года на акцыю з лозунгам “Аніводная жанчына не будзе свабоднай, пакуль усе жанчыны не будуць свабоднымі”.

Акцыя адбылася з нагоды даты 25 лістапада, які вызначаны ААН Міжнародным днём змагання за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. Беларускія феміністкі распавялі аб сітуацыі ў гэтым дачыненні ў Беларусі.

Машына рэпрэсій і ціск патрыярхату не спыняюцца і сёння. У Беларусі сотні палітвязынак і рэпрэсаваных жанчын прайшлі праз затрыманні і катаванні ў турмах за сваю грамадзянскую пазіцыю. Статыстыка па хатняму і  гендарна-абумоўленаму гвалту схаваная дзяржаўнымі органамі. Амаль усе жаночыя НДА, якія дапамагалі ахвярам хатняга гвалту, ліквідаваныя судом. Звярнуцца за дапамогай у міліцыю, якая катуе і збівае жанчын, небяспечна. Ахвяры гвалту засталіся ў Беларусі без абароны і падтрымкі. Жанчыны па ўсім свеце патрабуюць ад мужчын спыніць гвалт, але ж палітыкі і дзяржавы  ігнаруюць гэтае пытанне, і ахвяры застаюцца сам насам са сваёю бядой”, – перадае меркаванне ўдзельнікаў акцыі тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”. Паводле прысутных на мерапрыемстве, гвалт у дачыненні да жанчын не проста “патрыярхальная традыцыя”, ён прыводзіць грамадства да рэпрэсій і войн.

На акцыі быў прадстаўлены чатырохметровы банер з імёнамі 773 беларускіх рэпрэсаваных жанчын. Напрыканцы мерапрыемства у‌дзельніцы праспявалі беларускую народную песню “Зяленая вішня”.

75% жанчын у Беларусі становяцца ахвярамі хатняга гвалту. З пачатку 2022 года там зарэгістравана 70 тыс. падобных фактаў, паведамляе “Маланка” са спасылкай на замначальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Беларусі Канстанціна Руца.

Дата 25 лістапада была абраная ў памяць аб сёстрах Мірабаль – палітычных актывістках, жорстка забітых па загадзе дыктатара Дамініканскай Рэспублікі Рафаэля Трухільё ў 1960 годзе. Тры сястры Мірабаль-Мінерва, Патрыа і Марыя Тэрэза – былі членамі падпольнага Таварыства “рэвалюцыйны рух 14 чэрвеня”, узначаленага мужам Мінервы Манола Таварэсам Хуста.

Фота: тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”