Акцыя салідарнасці з палітзняволеным Андрэем Пачобутам прайшла ў Беластоку
16 студзеня 2023
219

Каля 60 чалавек – беларусаў і палякоў прыйшло 16 студзеня 2023 года да консульства РБ ў Беластоку, каб выказаць падтрымку палітзняволенаму журналісту і актывісту Саюза палякаў Беларусі з Гродна Андрэю Пачобуту.

Акцыя была арганізавана прадстаўнікамі Саюза палякаў Беларусі, якія былі вымушаны пакінуць Радзіму з-за палітычнага пераследу. Прычынай мітынга стаў судовы працэс над Пачобутам, які распачаўся сёння ў Гродзенскім абласным судзе. 

Выступоўцы адзначалі, што не вераць у справядлівы вырак, бо ўсе абвінавачванні супраць актывіста сфальшаваныя і за кратамі знаходзіцца абсалютна нявінны чалавек. Як, дарэчы, і сотні іншых грамадзян Беларусі розных нацыянальнасцей, якія мелі смеласць мець сваё мяркаванне і смеласць яго адкрыта выказваць.

Пачобут прывёў у зняволенні ўжо амаль два гады. Яго як і некаторых іншых сябраў Саюза палякаў Беларусі арыштавалі 25 сакавіка 2021 года. Потым за кратамі заўстаўся ён і старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс, якая затым была пераведзена пад хатні арышт. Яшчэ трох актывістак Саюза палякаў лукашэнкаўскія сілавікі перадалі польскім уладам. Пачобуту таксама прапаноўвалі выезд за мяжу ў абмен на вызваленне, аднак ён адмовіўся. Нязломнаму актывісту і журналісту цяпер пагражае 12 гадоў зняволення.

Мы са свайго боку можам толькі салідарызавацца з ім. Можам распавядаць грамадству ў Польшчы, Беларусі, ва ўсім свеце, што ў Беларусі караюць нявінных людзей, судзяць. Кожны Божы дзень адбываюцца судовыя працэсы, людзі атрымліваюць агромністыя пакаранні, ідуць у вязьніцы. Ужо больш за 1500 палітычных вязняў у Беларусі”, – распавёў намеснік кіраўніка Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі, адзначыўшы, што людзі сабраліся каля консульства Беларусі, каб заявіць сваё рашучае “Не!” тым працэсам, якія зараз адбываюцца за ўсходняй мяжой. 

Лукашэнка хоча нас раздзяліць, хоча каб палякі і беларусы ненавідзелі адзін аднаго, але дасягне абсалютна супрацьлеглую мэту. Яшчэ больш мы аб’яднаныя, яшчэ больш мы разам вакол Андрэя Пачобута, вакол усіх рэпрэсаваных у Беларусі”, – казаў дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч.

Паводле яго, зараз у Гродне перад судом стаць чалавек толькі з-за таго, што ёсць палякам, што ёсць сябрам нацыянальнай меншасці, што хоча, каб тая нацыянальная меншасць магла свабодна жыць і карыстацца тымі правамі, якімі карыстаюцца ўсе нацыянальныя меншасці ў Еўропе. 

Што датычна таго ўзроўню рэпрэсій у Беларусі, які можна параўнаць выключна са сталінскімі часамі, то мусяць быць новыя санкцыі. Сёння раніцай мы звярнуліся, я як старшыня камісіі па сувязях з палякамі за мяжой у Сейме і у Сенаце, сумесна з сенатарам Казімежам Уяздоўскім да польскага ўрада і да еўрапейскіх інстытуцый, каб зрабіць больш інтэнсіўнымі дзеянні для вызвалення ўсіх палітычных вязняў у Беларусі. А гэта павінна значыць новыя пакеты санкцый, новыя праблемы для рэжыму, каб ведаў, што свабодны свет не будзе бяздзейна глядзець на тое, што дзеецца за нашай усходня мяжой”, – распавёў палітык.

Іншыя выступаўшыя ўзгадвалі, што Андрэй Пачобут ёсць таксама сябрам ліквідаванай Беларускай асацыяцыі журналістаў, рупліўцам на карысць польскага навучання, патрыётам Беларусі.

Пачобута вінавацяць у нібыта «распальванні нацыянальнай варожасці». КДБ Беларусі ўнёс яго ў спіс асобаў, якія «ажыццяўляюць тэрарыстычную дзейнасць».

Нагадаем, што акцыі салідарнасці з пераследуемымі ў Беларусі сябрамі Саюза палякаў пастаянна праходзяць у Беластоку. Звычайна яны адбываюцца 25 чысла, калі былі затрыманы актывісты.