У Польшчы рэзка ўзрасла колькасць беларускіх кіроўцаў
20 лютага 2023
148

У 2022 годзе ў Польшчы выдана 36649 пасведчанняў кіроўцаў для жыхароў з Беларусі. Годам раней гэты паказчык быў на ўзроўні 22378 пасведчанняў.

У той жа час 59108 такіх дакументаў было выдана для асоб з Украіны. Гэта азначае, што на адзін сертыфікат для беларуса прыпадала 1,6 пасведчання для ўкраінца. Прыток беларускіх кіроўцаў значна паскорыўся, піша сайт 40ton.net са спасылкай на Галоўную інспэкцыю аўтамабільнага транспарту Польшчы.

У пацверджанне прыводзяцца лічбы папярэдніх гадоў. Так, у 2021 годзе на адно пасведчанне для кіроўцы з Беларусі прыпадала 2,7 пасведчання для кіроўцы з Украіны (суадносіны 60960 да 22378). У 2020 годзе розніца была яшчэ большай, бо на адно пасведчанне для жыхара Беларусі прыпадала 3,2 пасведчання жыхара Ўкраіны (суадносіны 48858 да 15307).

Акрамя ўкраінцаў і беларусаў, усё больш у Польшчы кіроўцаў з Малдавіі. У 2022 годзе ім выдана 2388 пасведчанняў. Гэта на 62% вышэй, чым у 2021 годзе, і на 241% вышэй, чым у 2020 годзе. На чацвёртым месцы – прадстаўнікі Казахстану. Летась ім выдалі 618 польскіх пасведчанняў кіроўцы, што на 63% больш, чым у 2021 годзе, і на 719% больш, чым у 2020-ым.

Варта адзначыць, што праблема дыфіцыту кіроўцаў маецца ва ўсім Еўрасаюзе. “Толькі на нямецкім транспартным рынку не хапае зараз каля 56000 працаўнікоў, а як указвае Міжнародны саюз аўтатранспарту IRU, праз пяць гадоў іх недахоп будзе складаць амаль 186000”, – піша Рortalspozywczy.pl.

Нагадаем, што па выніках першага паўгоддзя 2022 года ў Польшчы пражывала 52 313 беларусаў-уладальнікаў дакументаў (апроч віз), якія давалі ім права на легальнае знаходжанне ў краіне. Такім чынам беларуская дыяспара стала другой па колькасці ў Польшчы. На першым месцы – украінцы.

За той жа перыяд беларусы выйшлі на трэцяе месца па колькасці атрыманых упершыню ВНЖ у Еўрасаюзе – 149 тыс. На першым месцы – грамадзяне Украіны (875,8 тыс.), на другім – Марока (150 тыс.). За беларусамі ідуць грамадзяне Індыі (111 тыс.), Расіі (87 тыс.) і інш.

Фота: 40ton.net