Здымкі са святкаванняў Дня Волі ў розныя гады прадставілі ў Беластоку
22 сакавіка 2023
250

Некалькі дзясяткаў фотаздымкаў з розных гадоў і з розных гарадоў Беларусі прадстаўлены ў беластоцкім хабе “Новая зямля” на выставе, прымеркаванай да 105-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. 

Фотаздымкі, якія прадстаўлены на выставе, тычацца не толькі святкаванняў Дня Волі ў Беларусі, а таксама ў замежжы. Найбольшае зацікаўленне ўдзельнікаў фотавернісажа выклікалі тыя здымкі, на якіх многія пазнавалі сябе ці сваіх знаёмых. Гэтыя фотаграфіі распавядалі пра апошнія тры дзясяткі гадоў адзначэння найважнейшага свецкага свята ў гісторыі Беларусі.

Ідэя выставы вельмі простая – даць магчымасць людзям, якія апынуліся ў эміграцыі, адчуць тыя ўражанні, якія мы перажывалі кожны ў сваім горадзе 25 сакавіка”, – заявіла, адкрываючы выставу, прадстаўніца хаба Надзея Салаўёва

Гістарычны шлях беларусаў да абвяшчэння незалежнасці першай беларускай дзяржавы раскрыў прысутным беластоцкі гісторык Алег Латышонак. У сваёй вялікай лекцыі ён распавёў пра тыя падзеі, што папярэднічалі 25 сакавіка 1918 года і пра тыя, што адбываліся пазней. Многія слухачы ўпершыню даведаліся, што першым гербам БНР была не “Пагоня”, а сноп з калоссямі, граблі і каса. Праўда, потым “Пагоня” ўсё ж перамагла і пра сялянскі так бы мовіць герб забыліся. 

Адкрыццё выставы стала першым мерапрыемствам, якое прайшло ў Беластоку з нагоды 105-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Наперадзе – гістарычныя лекцыі, інтэлектуальныя гульні, масавая акцыя, святочны канцэрт, тэатральнае прадстаўленне і іншыя.

Фота: тэлеграм-канал “Мост”