Ва Ўкраіне з’явіўся новы беларускі дабрачынны фонд
9 верасня 2022
162

Рэгістрацыя Дабрачыннага фонда “Свабодная Беларусь” адбылася ва Ўкраіне 8 верасня 2022 года. Яго актывісты абяцаюць абараняць правы беларусаў дыяспары.

Мэтамі дзейнасці новай арганізацыі, акрамя абароны правоў беларусаў, з’яўляецца садзейнічанне Ўкраіне перамагчы расійскую навалу, стварэнне ўмоў для дэакупацыі Беларусі, узнаўленне суверэнітэту беларускага народа над РБ.

Дасягнуць гэтых мэт дабрачынны фонд плануе, аказваючы дапамогу ўзброеным сілам Украіны, кансалідуючы для гэтага намаганні ўкраінскіх беларусаў, праводзячы інфармацыйную кампанію, накіраваную на фармаванне антываеннай грамадскай думкі ў Беларусі, дапамагаючы беларускім дэмакратычным сілам у супрацьдзеянні дэспатызму і аўтарытарызму і іншымі спосабамі.

Таксама “Свабодная Беларусь” будзе імкнуцца да фарміравання ўстойлівых, надзейных механізмаў узаемадзеяння з беларускімі дыяспарамі за мяжой і кансалідацыя ўзаемных намаганняў, накіраваных на стварэнне ўмоў для дэмакратычнага развіцця беларускага грамадства. У самой жа Ўкраіне дабрычынны фонд плануе аказваць юрыдычную, псіхалагічную і іншую дапамогу беларусам у вырашэнні міграцыйных, сацыяльных, эканамічных і іншых пытанняў, піша ў Facebook актывіст дыяспары ва Ўкраіне Аляксей Францкевіч.

Нагадаем, што на прыканцы жніўня 2022 года ў інтэрнэце з’явілася петыцыя з просьбай да прэзідэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага не атаясамліваць беларусаў з рэжымам Лукашэнка, а таксама прыбраць штучныя бар’еры для легальнага знаходжання ў гэтай краіне і разблакаваць банкаўскія рахункі.

Фота: Facebook Аляксея Францкевіча. На фота ён.