Яшчэ 18 чалавек у Беларусі прызнаны палітвязнямі
30 лістапада 2022
204

Колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 30 лістапада 2022 года склала 1449 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за ”палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.

Новымі палітвязнямі, якіх прызналі беларускія праваабаронцы, сталі Аляксей Кірэеў, Юрый Хрысталюбаў, Андрэй Фамін, Марыя Яшчанка, Багдан Каравец, Віктар Зігінаў, Дзяніс Сідарок, Раман Цыганкоў, Кірыл Казлоў, Аляксандр Кульбачка, Дзмітрый Каракін, Уладзімір Каракін, Давід Анташвілі, Аляксандр Пархоменка, Сяргей Макарэвіч, Яўгенія Старавойтава, Яўген Гурынаў і Ігар Бялаш.

Яны ўзяты пад варту ці ім вынесены прысуды па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Разам з тым 30 лістапада 2022 года 10 фігурантаў «справы студэнтаў» выйшлі на волю пасля адбыцця тэрміну зняволення. Гэта Яна Арабейка, Кася Будзько, Анастасія Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Ягор Канецкі, Ксенія Сырамалот, Ілля Трахтэнберг і Вольга Філатчанкава, паведамляе тэлеграм-канал “Белсату”.

Праваабаронцы патрабуюць ад лукашэнкаўскіх улады неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Нагадаем, што на 20 лістапада 2022 года агульная лічба тых, хто адбывае пакаранне ці падазраваецца ў злачынствах з-за палітычных прычын, была 1450 чалавек.