Полк Каліноўскага: Беларусі трэба ўвайсці ў ЕС і НАТА
19 снежня 2022
190

Супольная нарада Палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе УСУ, вызначыла стратэгічныя мэты – Беларусь павінна імкнуцца ў Еўрасаюз і стаць часткай НАТА.

Еўрапейскі вектар развіцця Беларусі можна забяспечыць толькі пасля дэакупацыі нашай дзяржавы ад расейскіх войскаў і дэмантажу ўнутранага дыктатарскага рэжыма Лукашэнкі”, – паведаміла 19 снежня 2022 года прэс-сакратар вайсковага падраздзялення Крысціна “Чабор”.

Згодна выстаўленага на сайце палка тэкста “Стратэгічныя мэты”, імкнуцца да ўступлення ў Еўрасаюз і стаць часткай НАТА ёсць натуральным арыенцірам для Беларусі. “Зыходзячы з апошніх падзеяў, мы бачым, што краіны Балта-Чарнаморскага рэгіёну з’яўляюцца нашымі натуральнымі хаўруснікамі”, – гаворыцца ў тэксце.

Беларускія вайскоўцы ўкраінскай арміі лічаць, што паводле досведу Ўкраіны, перамагчы ворага магчыма карыстаючыся сучаснай зброяй, навейшымі тэхналогіямі і лепшай арганізацыяй. “На сённяшні дзень такую падтрымку могуць забясьпечыць толькі краіны Арганізацыі Паўночнаатлантычнай Дамовы. Блок НАТА з’яўляецца вайсковым гарантам бяспекі для большасці еўрапейскіх краін, мілітарны патэнцыял якіх ў разы менш расійскага. Абапіраючыся на вайсковую кааперацыю з краінамі НАТА, як з нашымі натуральнымі саюзнікамі, у нашых руках будуць жалезныя аргументы для пераможнага плану”, – адзначаюць яны.

Напачатку верасня 2022 года Полк імя Кастуся Каліноўскага абазначыў сябе палітычным суб’ектам.

Палітычны накірунак дзейнасці вайскоўцаў ухваляюць не ўсе. Яго крытыкуюць, напрыклад, байцы батальёну “Тэрор”, якія раней былі ў складзе Палка Каліноўскага (ПКК), але потым адасобіліся ад яго. “Калі сапраўдныя вайскоўцы ідуць у палітыку, яны, як правіла, штурмуюць рэзідэнцыю прэзідэнта. Калі штурм паспяховы – улада ў краіне пераходзіць да хунты. Калі ў палітыку ідзе кіраўніцтва ПКК – праводзіцца медыя штурм”, – распавялі яны ў сваім тэлеграм-канале, адзначыўшы, што беларускія добраахвотнікі павінны прадстаўляюць свой народ не ў кабінетах уладных структур, а на фронце.