Беларусы Варшавы паабяцалі суд “камісіі па вяртанні беглых”
13 лютага 2023
185

На сваёй штотыднёвай нядзельнай акцыі 12 лютага 2023 года варшаўскія беларусы выказалі мяркаванні, датычныя “камісіі па вяртанні беглых”, якую стварыў Аляксандр Лукашэнка са сваіх памагатых.

У акупаванай Беларусі была створана “камісія па вяртанні беглых”. Сярод чальцоў ёсць сумнавядомы Баскаў – чалавек, які падазраецца у забойстве Рамана Бандарэнкі, прапагандыст Азаронак і сумнеўны персанаж Васкрасенскі. Беларусам Варшавы ёсць, што перадаць гэтай камісіі, распавядае тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”.

Камісіі па вяртанні беглых” мы перадалі ўсё, што пра іх і іх выселкі думаем. Ніякі адэкватны беларус не будзе ні вяртацца, ні прасіць прабачэння за сваё меркаванне. А вось, Лукашэнка і яго халуі будуць прасіць прабачэнне на судзе, які ўсіх іх неўзабаве чакае”, – распавядае тэлеграм-канал “Беларусы Варшавы”.

Да акцыі далучыўся таксама былы палітычны зняволены, блогер і актывіст з Брэста Аляксандр Кабанаў.

Адзначым, што варшаўскія беларусы рэгулярна выходзяць штотыдзень на нядзельныя акцыі, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі ў Беларусі. Так, 15 студзеня 2023 года яны далі свой адказ на патрабаванне правесці акцыю за адмену антылукашэнкаўскіх санкцый, якое прагучала з боку члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Алега Дзьячэнкі. Паводле яго, нязгодныя з рэжымам беларусы, якія з’ехалі за мяжу, могуць вярнуцца ў Беларусь «раскаяться» і «сотворить достойный плод покаяния». “Пусть проведут митинги в Варшаве, Вильнюсе, других западных государствах за снятие неправомерных, необоснованных санкций против нашей страны“, – прапанаваў ён.

У сваю чаргу 13 студзеня 2022 года некалькі беларусак з дыяспары ў польскім Беластоку заявілі  аб жаданні бачыць Аляксандра Лукашэнку ў Гаазе, дзе з яго будуць зняты ўсе санкцыі. “Вольныя беларускі Беластока” нагадалі прыхільнікам і пасобнікам дыктатуры, што “лепш Лукашэнка ў Гаазе, чым усё вы з ім разам ў Нюрнбергу”.

Фота і відэа: тэлеграм-каналы “Беларусы зарубежья” і “Беларусы Варшавы”