Беларусы ва Ўкраіне просяць бачыць розніцу паміж імі і рэжымам Лукашэнкі
27 жніўня 2022
173

Петыцыя з просьба да прэзідэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага не атаясамліваць беларусаў з рэжымам Лукашэнка, а таксама прыбраць штучныя бар’еры для легальнага знаходжання ў гэтай краіне і разблакаваць банкаўскія рахункі з’явілася ў інтэрнэце.

Паводле петыцыі, якая змешчана 22 жніўня 2022 года на афіцыйным інтэрнэт-прадстаўніцтве прэзідэнта Ўкраіны, на момант напісання артыкула сабраныя 352 подпісы з 25000 неабходных.

Падпісанты адзначаюць, што беларусы, нават тыя, хто знаходзіўся ва Ўкраіне да пачатку вайны, усё часцей сутыкаюцца з немагчымасцю працягу свайго легальнага знаходжання на яе тэрыторыі або вяртання пасля спынення актыўных баявых дзеянняў у цэнтральнай, паўночнай і заходняй частках краіны.

«Цяпер, нягледзячы на адсутнасць змяненняў у міграцыйным заканадаўстве ў дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь, яны сістэматычна сутыкаюцца з адмовамі ва ўездзе з боку Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, адмовамі з боку Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны пры падачы дакументаў на атрыманне новага або падаўжэння раней атрыманага часовага віду на жыхарства. Таксама масавы характар маюць адмовы ў атрыманні дазволаў на іміграцыю ва Украіну. У пераважнай большасці выпадкаў усе гэтыя адмовы не маюць пад сабой рэальных падстаў (надуманыя і/або выдуманыя) або, насуперак устаноўленым законам нормам і працэдурах, заснаваныя на прадузятым суб’ектыўным стаўленні і нежаданні работнікаў службаў на месцах абслугоўваць грамадзян Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў петыцыі.

Пры гэтым, многія беларусы ўжо маюць семь“і з грамадзянамі Ўкраіны, уласную нерухомасць, бізнэс, працу. «Значная частка беларусаў, якія легалізаваліся ва Украіне -вымушана перамясцілася ў краіну свабодных грамадзян у 2020 і 2021 гадах, уцякаючы ад рэпрэсій, пасля падаўлення пратэстаў у сваёй уласнай краіне», – пішуць яны.

«Акрамя гэтага, пастановай Праўлення НБУ №18 ад 24.02.2022 грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія маюць часовы від на жыхарства ва Ўкраіне, былі заблакаваныя як асабістыя, так і карпаратыўныя рахункі ва ўсіх банках Украіны. Гэта пазбаўляе нас магчымасці працаваць, плаціць падаткі ў бюджэт Украіны, выплачваць зарплаты грамадзянам Украіны і эканамічна дапамагаць Украіне ў такі складаны перыяд», – нагадвае петыцыя.

Падпісанты сцвярджаюць, што абсалютная большасць грамадзян Беларусі не ўяўляюць пагрозы дзяржаўнай бяспецы Украіны, не з’яўляюцца ворагамі Украіны і ўкраінцаў. «У сувязі з чым мы хацелі б, каб офіс прэзідэнта і чыноўнікі розных узроўняў афіцыйна падзялялі грамадзян Беларусі і нелегітымную, захопленую ўладу дыктатарам нашай краіны, дзе пераважная большасць беларусаў актыўна супрацьстаіць з 2020 года. Мы не просім дадатковых прэферэнцый, не ствараем ніякіх праблем, заўсёды гатовыя да супрацоўніцтва з уладай, спрыяем аднаўленню і станаўленню незалежнай, дэмакратычнай і моцнай краіны, адзінае чаго мы просім, – не перашкаджаць нам знаходзіцца на тэрыторыі і ўзаемадзейнічаць з дзяржавай і грамадзянамі Украіны, не атаясамліваючы ўсіх беларусаў з цяперашняй нелегітымнай уладай нашай краіны», – гаворыцца ў петыцыі.

Нагадаем, што раней у жніўні беларускія і ўкраінскія праваабарончыя і грамадскія арганізацыі звярнуліся да дзяржорганаў Украіны з нагоды дыскрымінацыі грамадзян Беларусі ў краіне пасля пачатку вайны. Падставай для звароту паслужылі факты масавых адмоваў украінскай міграцыйнай службы ў легалізацыі на тэрыторыі краіны грамадзянам Беларусі.