“Фінміністр” Ціханоўскай лічыць недахоп грошай прычынай двухгадовага “стаяння на месцы”
10 верасня 2022
185

Нованазначаная прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы Таццяна Зарэцкая мяркуе, што апазіцыя пакуль не навучылася шукаць грошы.

Недостаток средств одна из больших причин почему мы два года стоим на одном месте. Оппозиция, НГО и иже с ними не умеют фанрейзить. Проект на 10-15к евро считают успехом. Мало того, что не умеют так ещё многие и не хотят. Типо все должны понять и сами принести деньги, ага, да точно”, – напісала Зарэцкая ў Facebook 10 жніўня 2022 года пасля прайшоўшай у Вільні канферэнцыі “Новая Беларусь”, дзе прадпрыймальніца таксама была адным са спікераў.

Ад 9 верасня 2022 года стала вядома, што Таццяна Зарэцкая прызначана прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы, які пачаў фармавацца месяц таму.

Сярод яе абавязкаў будзе састаўленне і выкананне бюджета кабінета. “Прыцягваючы напрацоўкі і экспертызу эканамічных групаў, распрацоўваць стратэгію і планаванне на пераходны перыяд. Гэта значыць прыцягненне ў Беларусь капіталу з ЕС і ЗША, перадача ведаў, чалавечага капіталу, свежых законапраектаў у фінансавай і эканамічнай галінах новаму ўраду”, – распавядае аб абавязках Зарэцкай тэлеграм-канал Аб’яднанага кабінета.

Таксама яна павінна будзе прадстаўляць кабінет і дэмакратычную Беларусь на міжнароднай фінансавай арэне, каб наладжваць адносіны з ключавымі прадстаўнікамі; весці перамовы па праграмах развіцця з двухбаковымі і шматбаковымі партнёрамі, кантраляваць і забяспечваць іх рэалізацыю; каардынаваць распрацоўку фінансавага, валютнага, бухгалтарскага і бюджэтнага заканадаўства.

Нагадаем, што Аб’яднаны пераходны кабінет быў створаны 9 жніўня 2022 года на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні. У яго склад увайшлі Святлана Ціханоўская (кіраўніца), Павел Латушка (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па транзіце ўлады), Валер Кавалеўскі (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па замежных справах), Аляксандр Азараў (прадстаўнік кабінета па аднаўленні правапарадку), Валерый Сахашчык (прадстаўнік кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы).

Таццяна Зарэцкая – заснавальніца і СЕА кампаніі Laava Tech, якая займаецца аўтаматызацыяй і скарачэннем энергаспажывання. Мільянерка, рэзідэнтка спісу Forbes «30 да 30». Таксама яна ўвайшла ў штогадовы спіс выбітных наватараў да 35 са ўсяго свету ад МІТ – прэстыжнага Масачусецкага тэхналагічнага інстытута. Яе стартап Laava Tech мае кліентаў у Еўропе, Кітаі, ЗША.

Фота: тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінета