Каля паўсотні чалавек прыйшлі на Марш супраць нянавісці ў Варшаве
14 верасня 2022
140

Марш супраць нянавісці да ўкраінцаў і беларусаў адбыўся ўвечары 13 верасня 2022 года ў варшаўскім раёне Грохуў.

Акцыя была адказам на ксенафобскую атаку, якую на пачатку верасня зладзілі трое мясцовых жыхароў у адносінах да ўкраінцаў і беларусаў, якіх яны не пажадалі бачыць на спартовай пляцоўцы.

Як жыхары Грохава хочам супрацьстаяць такім адносінам да нашых суседзяў. Жадаем, каб яны адчывалі сябе ў нас бяспечна і ведалі, што не прыймаем падабных паводзін”, – цытуе арганізатараў акцыі інтэрнэт-выданне Warszawa nasze miasto.

Марш распачаўся ад дома, дзе пражывае адзін з удзельнікаў нападу. Потым удзельнікі маніфестацыі прайшлі па Алеі Злучаных Штатаў да плошчы Шэмбека, піша тэлеграм-канал “Позірк”. Паводле яго, на акцыі было прыкладна 50 чалавек, якія па нацыянальнай прыналежнасці ў большасці былі палякі. Яны пракламавалі: “Жывіце ў нас як дома“, “Польшча для ўсіх” і г.д.

У мерапрыемстве прыймалі ўдзел таксама няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца інтэграцыяй уцекачоў.

Нагадаем, ксенафобская атака адбылася 2 верасня 2022 года на адной са спартыўных пляцовак у варшаўскім раёне Прага-Поўдзень. Там рэгулярна сустракаюцца палякі, украінцы і беларусы, каб разам пагуляць у футбол. Пазней польская пракуратура прад’явіла абвінавачванні нападнікам – дзеянні жанчыны і аднаго мужчыны кваліфікавалі як хуліганскі, да іх прыменены крымінальны артыкул аб незаконных пагрозах у дачыненні да групы асоб на падставе іх нацыянальнасці. Другі мужчына абвінавачваецца па артыкуле аб дыскрымінацыі. Ім пагражае да пяці гадоў зняволення.

Паводле сацыялагічнага даследавання Фонда імя Фрыдрыха Эберта, апублікаванага ў жніўні 2022 года, у Польшчы дыскрымінацыю і непрыязнасць да сябе на нацыянальнай глебе адчулі 31% апытаных беларусаў. Нашы суайчыннікі адказалі, што яны асабіста сутыкаліся з дыскрымінацыяй у розных яе праявах і гэта ўжо ўспрымаюць як частку сацыяльнай рэальнасці.

Фота і відэа: тэлеграм-канал “Позірк” і інтэрнэт-выданне Warszawa nasze miasto