Новаствораны ва Ўкраіне БДК выступіў супраць палітызацыі байцоў-беларусаў
27 снежня 2022
183

Беларускі дабраахвотніцкі корпус (БДК), што пару дзён таму заявіў пра сябе, лічыць няправільным палітызацыю беларускіх дабраахвотнікаў, якія ваююць у складзе УСУ.

Прычынай стварэння БДК перш-наперш стала нязгода з тым, што беларускіх ваяроў спрабуюць палітызаваць. Вайна цяпер тут ва Ўкраіне, мы бачым яе сваімі вачыма. Перамога ў гэтай вайне для Беларускага добраахвотніцкага корпуса – гэта самы галоўны прыярытэт”, – заявіў 27 снежня 2022 года адзін са стваральнікаў БДК Ігар “Янкі” Янкоў у тэлеграм-канале вайсковага стварэння.

Ён паабяцаў, што БДК пачаў фармаваць штаб і прэс-цэнтр. “Пытанні пра ўступ навабранцаў пакуль не разглядаем. Мы на перадавой і цяпер працуем толькі з пераходамі да нас тых хто ўжо мае баявы досвед і рэпутацыю. Пра ўсялякія змены будзем паведамляць на нашых афіцыйных старонках”, – кажа Янкоў.

Упершыню пра БДК стала вядома 25 снежня 2022 года, калі ў тэлеграм-канале было заяўлена пра стварэнне гэтага “падпадзелу”, як называе даную групу Ігар “Янкі” Янкоў.

Нагадаем, што раней быў створаны батальён “Тэрор”, якія таксама ваюе з расійскімі акупантамі ва Ўкраіне. Яго байцы былі ў складзе Палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), але потым адасобіліся ад яго. Прычынай таксама стала нежаданне палітызацыі. “Калі сапраўдныя вайскоўцы ідуць у палітыку, яны, як правіла, штурмуюць рэзідэнцыю прэзідэнта. Калі штурм паспяховы – улада ў краіне пераходзіць да хунты. Калі ў палітыку ідзе кіраўніцтва ПКК – праводзіцца медыя штурм”, – распавялі байцы “Тэрору” ў сваім тэлеграм-канале, адзначыўшы, што беларускія добраахвотнікі павінны прадстаўляюць свой народ не ў кабінетах уладных структур, а на фронце.

Як паведамлялася, напачатку верасня 2022 года Полк імя Кастуся Каліноўскага абазначыў сябе палітычным суб’ектам.

Відэа: тэлеграм-канал БДК