Еўрапейскі вяшчальны саюз запатрабаваў вызвалення беларускай журналісткі Слаўнікавай
6 жніўня 2022
158

Журналістская арганізацыя ў Еўропе – Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) запатрабаваў вызвалення асуджанай да пяці гадоў зняволення беларускай журналісткі Белсата Ірыны Слаўнікавай, а таксама іншых палітзняволеных. Пра гэта EBU заявіў у сваім Твітары.

«Журналістаў Еўрапейскага вяшчальнага саюзу арыштоўваюць і саджаюць у турму ў Беларусі за тое, што яны проста выконваюць сваю працу. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення журналісткі Ірыны Слаўнікавай і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», – гаворыцца ў заяве EBU.

Гомельскі абласны суд 3 жніўня 2022 года прызнаў Ірыну Слаўнікаву вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама ў кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем паводле (ч. 1 арт. 361-1 КК). Ёй прызначылі пакаранне ў выглядзе пяці гадоў зняволення. Аб гэтым паведамляе ліквідаваны лукашэнкаўскімі ўладамі Праваабарончы цэнтр “Вясна“.

Паводле таксама ліквідаванай Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у зняволенні ў Беларусі знаходзяцца 29 прадстаўнікоў медыя.