Сацдаследаванне: беларускія эмігранты лічаць важнай дзейнасць дыяспары
3 лютага 2023
194

Офіс Святланы Ціханоўскай правёў сацыялагічнае даследаванне беларускіх эмігрантаў у Польшчы і Літве. Яго вынікі былі прадстаўлены 2 лютага 2023 года на на панэльнай дыскусіі “Беларуская дыяспара новая і старая”.

Роля дыяспар ацэньваецца як важная, «хоць доля тых, хто ведае аб існаванні гэтых арганізацый, значна большая, чым доля тых, хто ўдзельнічае ў іх дзейнасьці», перадае “Радыё Свабода” са спасылкай на рэсурс “Позірк”. Даследаванне «Беларускія мігранты ў Польшчы і Літве: агульныя тэндэнцыі і параўнальны аналіз 2022 г.» было арганізавана на анлайн-платформе ў чэрвені–кастрычніку 2022 года. У ім узялі ўдзел 777 рэспандэнтаў у Польшчы і 335 — у Літве.

Паводле сацыёлагаў, 94% беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, — палітычныя эмігранты, якія пакінулі радзіму “праз палітычныя прычыны і пачуццё глыбокай неабароненасці ў роднай краіне”. 

Планы і перспектывы вяртання мігрантаў у Беларусь з Польшчы выглядаюць няпэўна. “Больш за палову апытаных (53%) не змаглі даць дакладнага адказу, 23% указалі, што плануюць вярнуцца, у той час як аналагічная па колькасці група (24%) заявіла, што ў іх няма такіх планаў“, — цытуе даследаванне тэлеграм-канал “Позірк”.

«Вайна ва Ўкраіне, жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі і адсутнасць вызначанасці, безумоўна, абмяжоўваюць магчымасці доўгатэрміновага планавання беларускіх мігрантаў», — канстатуюць аўтары апытання.

Паводле іх, летась польскія ўлады ацэньвалі колькасць беларусаў у 100-150 тыс.

Другая па важнасці прычына эміграцыі звязаная з эканомікай і працаўладкаваннем. Выбар Польшчы ў якасці прымаючай краіны 75% рэспандэнтаў патлумачылі магчымасцю атрымання там дакументаў для легалізацыі. Іншымі фактарамі, якія аказалі ўплыў, былі блізкасць культур, адсутнасць моўнага бар’еру, асабісты досьвед наведвання краіны ў мінулым.

Аўтары адзначаюць высокае пачуццё бяспекі мігрантаў — 8 балаў па 10-бальнай шкале. Якасць жыцьця рэспандэнты ацанілі на 7,4 бала.

53% апытаных мігрантаў назвалі заработную плату, якую атрымліваюць па працоўных дагаворах, асноўнай крыніцай даходу.

Насуперак міфу аб тым, што мігранты аказваюць сурʼёзны ціск на сацыяльную сістэму прымаючага боку, толькі 54% беларусаў карысталіся паслугамі польскай аховы здароўя, 36% — адукацыі, адзначаюць даследчыкі. Для Літвы гэтыя лічбы роўныя адпаведна 55,7% і 29,6%.

Нагадаем, што паводле даследавання, якое праводзілі сацыёлагі Генадзь Коршунаў і Максім Кудрэвіч восенню 2022 года, беларусы ў Беларусі ацэньваюць грамадскую дзейнасць дыяспары вышэй, чым сама дыяспара, якая мае заніжаную самаацэнку.

У жніўні 2022 года Генадзь Коршунаў адзначаў, што акцыі беларусаў у замежжы паказваюць іншым народам, што беларусы, гэта не тое ж самае, што лукашэнкаўскі рэжым. У той жа час дыяспара расце і ўзмацняецца, дзякуючы яго дзеянням.