Каардырацыйная рада лічыць няправільным абмяжоўваць выдачу беларусам літоўскіх віз
24 сакавіка 2023
249

Каардынацыйная рада Беларусі просіць літоўскія ўлады аб сустрэчы пасля прыняцця ў першым чытанні закона, якім абмяжоўваецца выдача віз грамадзянам РБ, і пераглядзе яго.

Мы занепакоеныя законам “Аб абмежавальных мерах у адносінах да ваеннай агрэсіі ва Украіне”, прынятым Сеймам Літвы ў першым чытанні, які значна абмяжоўвае беларусаў у іх правах на перамяшчэнне, магчымасці атрымання віз і легалізацыi ў Літве”, – гаворыцца ў заяве, прынятай 24 сакавіка 2023 года.

Паводле дакумента, беларусы фактычна апынуцца заціснутымі паміж рэжымам і візавымі абмежаваннямі, і ў выніку патэнцыял барацьбы за дэмакратычныя перамены ў Беларусі будзе істотна абмежаваны. 

Каардынацыйная рада заяўляе, што беларусы і расіяне па-рознаму ўспрыймаюць агрэсію Расіі на Ўкраіне. “Згодна з рэгулярна арганізаваным “Беларускай аналітычнай майстэрняй” Андрэя Вардамацкага агульнанацыянальным рэпрэзентатыўным сацыялагічным даследаванням 85% беларусаў выступае супраць увядзення беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны для вядзення баявых дзеянняў”, – адзначаецца ў заяве.

Акрамя таго, пачатыя ў 2020 годзе рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца да гэтага часу. “Сёння яны звязаны не толькі з унутрыпалітычнымі пытаннямі, але і з антываеннай пазіцыяй беларусаў. Паводле дадзеных ПЦ “Вясна”, да гэтага часу ў Беларусі па палітычных прычынах, у тым ліку і за адкрытую падтрымку Ўкраіны, затрымліваецца каля 70 чалавек штотыдзень”, – падкрэслівае Каардынацыйная рада.

Прыняцце закона ў Літве, а таксама абмежаванні ў выдачы віз з боку Польшчы і іншых краін могуць стаць істотнай перашкодай у выратаванні беларусаў ад рэпрэсій і быць успрынятыя як абясцэньванне іх прынцыповай антываеннай пазіцыі, а таксама як мэсадж беларусам аб тым, што Еўропа бачыць у іх пагрозу, імкнецца ізаляваць Беларусь, і бачыць будучыню Беларусі разам з Расеяй”, – гаворыцца ў дакуменце.

Каардынацыйная рада прапануе літоўскім уладам правесці сустрэчу з групай з Аб’яднанага пераходнага кабінета і Каардынацыйнай рады перад наступным чытаннем Закона. На ёй беларускія прадстаўнікі гатовы абмеркаваць рашэнні, якія б улічвалі як меркаванні нацыянальнай бяспекі Літвы, так і інтарэсы беларускага грамадства ў садзейнічанні дэмакратычнаму транзіту. Таксама Каардынацыйная рада просіць перагледзець рэдакцыю закону, бо атрыманне віз для тысяч беларусаў – гэта пытанне жыцця, здароўя і свабоды.

Нагадаем, што напярэдадні Сейм Літвы прыняў у першым чытанні законапраект, якім абмяжоўвае выдачу віз грамадзянам Беларусі з-за саўдзелу краіны ў вайне Расіі супраць Украіны. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што спыняецца прыём заяў грамадзян Расіі і Беларусі на атрыманне візы ў літоўскія візавыя службы за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі падача заявы на візу ажыццяўляецца пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў Літвы.

Колькасць беларусаў у Літве за 2022 год амаль дасягнула 50 тыс. чалавек.